|
У работнікаў культуры, асабліва на раёнах, праблемы зь беларускай мовай былі заўсёды. Дый ня толькі зь беларускай мовай.
Было гэта ў Гомельскай вобласьці. Інспэктарка з абласного ўпраўленьня культуры паехала па мястэчках ды вёсках правяраць, як на месцах нясуць добрае-сьветлае ў масы. Пачытала пляны мерзапрыемстваў раённых адзелаў культуры — прасьлязілася.
"Дымилась роща под горою…" — праздничное мероприятие, посвященное Дню Победы. 9 мая.
— Што гэта такое? — пытаецца.
— Як што? — перапытвае зьбянтэжаная цётачка з энскага адзела культуры. — Ёсьць нас гаёк ля горада, мы туды вэтэранаў запрашаем…
— А вы гаёк падпальваць будзеце, ці што?
— Не, мы для вэтэранаў салодкі стол накрыем, песьні ім сьпяваць будзем.
У іншым мястэчку натрапіла інспэктарка на такое: "Лэдзі Макбэт N-скага раёну". Пералякалася. Думала спачатку, мясцовая самадзейнасьць Ляскова на новы лад перайначыла ды спэктакаль ладзіць.
— Ды не, гэта ў нас конкурс прыгажосьці такі, — расьсьмяялася ў адказ іншая культурная цётачка. — Дзяўчаты па сцэне будуць у купальніках хадзіць…
— А вы ведаеце, хто такая лэдзі Макбэт Мцэнскага павету?
— Не.
— Была такая Кацярына Ізмайлава, яна сьвёкра свайго, мужа ды пляменьніка забіла.
— Што, праўда?! — у вусьціжы прашаптала культурная цётка. — А мы конкурс хацелі назваць, бо так жа ж прыгожа гучыць… А-ёй-я-ёй…
|