|
Суседзі ў нас па гомельскай кватэры былі вясёлыя. Кабета Роза гадкоў шасьцедзесяці пяці, ейныя дачка Ларыса гадкоў сарака пяці, дзьве дачкі Ларысы (Анжэла — гадоў 25 ды Ірка, гадоў 20), муж Анжэлы, дзьве малыя дачкі Анжэлы — Караліна і Крысьціна. Усё гэтае немалое сямейства існавала ў двухпакаёвай малагабарытцы з агульнай плошчай у 40 квадратных мэтраў. Ну, можна сабе ўявіць, як існавала. А яшчэ дадаць, што ўсё гэтае сямейства (за выняткам малых, канечне ж) захаплялася гарэлачкай-бражачкай. Потым скандаліла міжсобку, мэблю біла, "хуткую" выклікала, як некаму блага пасьля чарговага мардабою стане.
Весела жылі, адным словам.
Неяк позна ўвечары мая маці пачула, як у калідоры нехта страшна крычыць. Тэлефона ў нас тады не было, каб калі трэба міліцыю выклікаць, дзьвярное вочка яшчэ не паставілі — нядаўна перасяліліся. А крыкі страшныя: Ларыса-суседка, па голасе зразумела. "Забіваюць! Забіваюць! Рэжуць!"
Маці-нябожчыца была жанчынай адчайнай ды ўсё ж рызыкнула выйсьці з кватэры, каб хоць нечым дапамагчы. Выходзіць. І што бачыць?
П'яная Ларыса (больш нікога на пляцоўцы няма) сядзіць на падлозе пад сваёй кватэрай, учапіўшыся да ручку дзьвярэй ды працягвае крычэць на ўсю моц лёгкіх і галасавых зьвязак:
— Забіваюць! Забіваюць!!!
|