|
Летам 1997 году я ды мая каляжанка Ленка рабілі чарговую адчайную спробу паступіць на журфак БДУ. Нас, іншагародніх абітурыентаў, пасялілі на час іспытаў у знакамітую "тройку". Унівэрсітэцкі інтэрнат у Курасоўшчыне, вакол якога ходзіць безьліч легендаў, яшчэ тое месьцечка.
Жалі мы, як памятаю, на 14-ым паверсе ў адным блёку са студэнткамі біяфака, якія затрымліся ў Менску на практыку. Мы ўдзень зубарылі свае экзамэнацыйныя патыньні, яны —лавілі прусакоў, восаў, мух ды іншую жамяру для гербарыяў. Увечары мы звычайна стараліся раней легчы спаць, бо так выходзіла, што ў некага з нашых дзяўчат штодня быў іспыт.
А вось у студэнтак толькі ўвечары сапраўднае жыцьцё. Праўда, распачыналася яно хутчэй па інэрцыі: вядома ж, летам, калі большасьць студэнтаў разьехалася, асабліва не адарвешся. А хочацца. Каб унесьці ў сваё існаваньне хоць нейкую разнастайнасьць, нашўыя суседкі паклікалі да сябе ў госьці двух хлопчыкаў з абітуры — і гудзелі да паўночы. (Ложкі не рыпелі, аднак размашлялі і сьмяяліся занадта гучна.) Пасьля, калі хлопцы сышлі, студэнткі яшчэ доўга абмяркоўвалі вартасьці новых кавалераў і дзялілі, каму з кім на будучыню. З калідора раз-пораз даносілася гучнае: "Аксана, а Саша ўжо заняты!" І гэтак да другой гадзіны.
Адна з нашых абітурыентак выйшла да іх ды выказала ўсе, што думае на гэты конт (у сэнсе, наконт начнога шума). Студэнткі пакрыўдзіліся і вырашылі нам адпомсьціць. Наступным вечарам (кавалеры ў той дзень завалілі іспыты ды зьехалі ў родныя мясьціны чакаць позвы ў войска), суседкі распачалі вакальныя практыкаваньні. Глоткі гэтыя чатыры дзеўчыны мелі здаровыя, галасілі гучна, таму спаць мы не маглі. Недзе бліжэй да першай мы зь Ленкай зацягнулі "Спи моя радость, усни". Суседкі крыху зьбянтэжыліся і на колькі хвілінаў сьціхлі, аднак потым зноў распачалі вакалізаваньне.
Мы вырашылі ніяк на іх не рэагаваць, але самі рыхватавалі свой адказ Чэмбэрлену.
А другой гадзіне студэнткі сышлі на нейкую разгулянку, куды іх паклікалі аднакурсьнікі з 13-га паверха. Ня ведаю, а якой яны вярнуліся, відаць ужо зранку. Але а шостай дзяўчыты мірна спалі.
Мы ж зь Ленкай прачнуліся безь дзесяцёх шэсьць ды гучна, на ўсё моц сваіх лёгкіх, пачалі расьпявацца па тэрцыях. Роўна а шостай мы засьпявалі знакаміты раманс "На заре ты ее не буди". За сьцяной пачулася толькі варушэньне ды незадаволенае бурчэньне.
У астатнія дні нашага быцьця ў "тройцы" с суседкамі мы мелі цудоўныя адносіны. Такую далікатнасьць у паводзінах і лагоднасьць я пасьля сустракала нячаста.
|