|
Апэратар Вася — гэта легенда гомельскага недзяржаўнага тэлеканала "Нірэя". У журналістаў, якія кольвечы працавалі ці падпрацоўвалі ў тамтэйшай службе навінаў, ад аднаго толькі гэтага імя пачынаюцца нэрвовыя рэакцыі, а некаторыя нават нецэнзурна лаюцца, згадваючы пра досьвед супрацы з Васям. Не, характар у яго быў ціхы, памяркоўны — тыпова беларускі. Ён ніколі ні з кім не сварыўся й не спрачаўся, на ўсё адказваў згодай. Але гэтая "памяркоўнасьць" даводзела да белага каленьня нават звышспакойных людзей, бо Вася ўсё рабіў па-свойму. Я ж да ліку такіх людзей ніколі не адносілася, тым болей у 18-19 год, калі мне выпала на "Нірэі" працаваць.
Васе нельга было сказаць: вунь стаіць аўтобус, здымі яго ў руху. Трэба было дакладна апісаць увесь альгарытм дзеяньняў: пастаў камэру на адлегласьці пяцьдзесяці мэтраў ад аўтобуса, а калі той рушыцца зь месца, разьвярні камэру на трыццаць градусаў і не забудзь яе ўлучыць. Калі падобнае ЦУ не паступала, Вася вельмі проста мог забыць улучыць камэру, паставіць яе занадта блізка, альбо не разьвярнуць яе.
Вася заўсёды меў гадзіньнік, але ня меў пачуцьця часу. З гэтай прычыны яго ніколі не адпускалі аднаго нават папросту зьняць агульны плян суседняга будынка: была рызыка, што Вася зусім ня вернецца на працу. Альбо здыме не будынак, а машыну каля будынка. Такое зь ім здаралася рэгулярна. Аднойчы яго адправілі ў сквэр праз дарогу зьняць для навагодняй застаўкі ёлачкі, замеценыя сьнегам. Працы было па пяць хвілінаў, але Вася вярнуўся толькі праз тры гадзіны. На касэце відэа было да халеры: дзеці, што гуляюцца з сьнежкі, машыны, што прабуксоўваюць на дарозе, вераб'і ў сьнезе, мінакі… ЁЛАЧАК там не было!
Вася заўсёды ставіў камэру на штатыў — для ўстойлівасьці. Але й на штатыве камэры чамусьці скакала так, быццам апэратар здымаў зь пляча. Іншыя апэратары не маглі дапяць, як у Васі такое атрымліваецца.
Вася ненавідзеў здымаць аб'екты ў руху. Калі мне трэба было запісаць апытаньне на вуліцы, мой калега не зьвяртаў увагі на тое, што некаторыя людзі могуць сьпяшацца ці наагул баяцца камэры. Ён казаў: "Стойце, ня рухайцеся! Я вас зараз здымаць буду". Ён доўга, як фатограф, выстаўляў чалавека ў кадры, таму суразмоўцы мае часта выглядалі, не як жывыя людзі, а як нейкія помнікі.
Неяк Васю адправілі ў чацьвертую спартовую школу здымаць прэс-канфэрэнцыю. Апэратар сабраў усе свае варштаты і перш чым ехаць, пацікавіўся ў мяне, ці не 44-ю школу я скончыла. Так, сорак чацьвертую. Вася нічога не сказаў і паехаў на здымку. Праз паўгадзіны патэлефанавала на працу нашая журналістка і сказала, што Васі няма. Высьветлілася, што ён спакойненька зьехаў у 44-ю школу. Назаўтра яго адпраўлялі ў 59-ты дзіцячы садок, але Вася зноў зьехаў… Так-так, менавіта ў 44-ю школу!
|