 |
Да акультызму і іншых падобных навук маю гаспадыню Раісу Ісаакаўну заахвоціла сяброўка Эльвіра, што жыла па суседзтве. Штодня Раіса Ісаакаўна хадзіла да яе ў госьці параскладваць пасьянс ці правесьці сьпірытуалістычны сэанс. Эльвіра, кабета гадоў каля шасьцідзесяці, засталася тады саламянай удавой — муж сышоў да маладзейшай. Варожкі усе прадказвалі, што ён яшчэ вернецца ад саракагадовай, усе пасьянсы паказвалі тое ж самае, духі таксама прарочылі вяртаньне асабістага шчасьця… Але час ішоў, былы муж выдатна пачуваўся з маладой жонкай, а Эльвіра працягвала траціць грошы на варожак.
І Раіса Ісаакаўна варажыла разам зь ён: на сантэхніка ці яшчэ на некага — я ня ведаю, але варажыла. Аднойчы прыйшла яна ад Эльвіры, паклікала мяне на кухню і гаворыць:
— Юля, а мы зь Эльвірай духаў выклікалі.
— Ну і што? — дзеля ветлівасьці пацікавілася я. Быў вечар, я толькі што вярнулася з працы і хацела адпачыць, але цяпер без варожкі здагадалася, што гаспадыня не пакіне мяне ў спакоі.
— Хочаш пакажу, як гэта робіцца?
— Не, ня трэба.
— Ну давай пакажу!
Я уздыхнула і моўчкі пагадзілася: лепей страціць паўгадзіны цяпер, чым потым цягам дзьвюх гадзінаў слухаць пра былога мужа-мярзотніка і пра сантэхніка, які "щиплется". Раіса Ісаакаўна узяла кніжку, уставіла паміж старонак нажніцы, зачынілі кніжку, мудрагелістым чынам яе перавязала пасам ад таго самога халата, на які сантэхнік спакусіўся.
— Ну вось як гэта робіцца, глядзі.
Зразумела, выклікаць духаў яна не зьбіралася: абстаноўка ў той момант не спрыяла. Ёй папросту хацелася паказаць мне, як гэта робіцца. Але паступова Раіса Ісаакаўна сама увайшла ў гульню і паверыла ў праўдзівасьць усяго, што адбывалася.
— Дух маёй памёрлай маці, зьявіся! — замагільным голасам выгукнула яна.
Прусакі, што беглі па сваіх справах да сьметніцы, спыніліся ды, здаецца, прыслухаліся.
— Глядзі, глядзі, нажніцы торгаюцца! Ён прыйшоў! — закрычэла гаспадыня.
— Ды які духа, Раіса Ісаакаўна, — са сьмехам адказала я. — На дварэ сьветла яшчэ, гэта ж ня ноч.
— Усё адно ён прыйшоў, бо торгаецца. Дух, ты тут?
Нажніцы, закладзеныя ў кнігу, яшчэ раз варухнуліся ў руках Раісы Ісаакаўны.
— Ён тут, тут! Дух, скажа, ці пазбаўлюся я ад свайго хранічнага каліта, гастрыта, гемароя, цысьціта, бранхіта, рыніта?
Нажніцы засталіся нерухомымі.
— Дух, няўжо я не пазбаўлюся ад сваіх хваробаў?! — у адчаі енчыла жанчына. — Не пазбаўлюся?! Ну тады ідзі, дух, я цябе адпускаю… Дух, ты сышоў?
Нажніцы зноў ня торгаліся.
— Што ж, Раіса Ісаакаўна, цяпер будзем мы з духам у адной кватэры суіснаваць, — расьсьмяялася я.
|
 |