|
Рэкардсмэнам па колькасьці пэрлаў у жывым беларускім FM-этэры можа быць хіба Ваня Мірскі, асабліва радаваў ён публіку ў першы год працы на "Альфа Радыё".
Неяк прынесьлі нам у навіны велічэзную, на 45 хвілінаў стужку з прамовай АРЛ. Дзе яе запісалі, пры якіх абставінах — пра тое нам не казалі. Афіцыйна гэта лічылася "адказам на пытаньні для Калінінградзкіх мэдыяў". Прамова была на імправізацыі, зусім не адфільтраванай — прыгажосьць, адным словам. Мне даручылі адмантажаваць колькі яркіх кавалкаў і напісаць для іх падводкі, каб Ваня Мірскі мог запускаць іх у навінах.
Адмантажавала я стужку, дзе АРЛ выказваўся пра саюз з Расеяй. "Эта не народ проціў саюза, эта какіе-та ванючыя паліцікі. І есьлі адабраць у іх усе срэдзтва масавай інфармацыі, то эта будзет, как адна квакаюшчая лягушка гдзе-та ў калінінградзкім балоце…" А файл са стужкай называўся "ПАПА" (бацька-тата-папа).
Ваня ідзе ў студыю, садзіцца да мікрафона і забываецца сказаць чалавеку, што сядзіцб за пультам, як файл называецца. Ідзе шапка, Ваня вітаецца і чытае анонсы, затым падводку пад стужку… Падложка сэкундаў дзесяць валіць сама па сабе, а ў этэры маўчаньне. Гукарэжысэр ня ведае, які файл запускаць! А Ваня сказаць ня можа, бо няма кнопкі, якая вылучае ягоны мікрафон — такая на "Альфе" студыя. Урэшце рэшт Ваня здаўленым голасам паўшэптам прамашляе ў мікрафон: "Папа…" — і льецца прамова усенародна абранага пра "ванючых паліцікаў".
|