|
Некалі мой бацька служыў ва узброеных сілах. Ён падаўся тэхнічным працаўніком у адну з гомельскіх вайсковых частак з банальнае прычыны: там хутка жытло давалі. Пра сваё вайсковае быцьцё ён згадваць ня любіць, але пра адзін камічны выпадак распавядае часта.
Дом, у якім мае бацькі атрымалі аднапакаёвую кватэру, месьціўся на вуліцы Сасновай і ад вайсковай часткі яго адзяляла толькі агароджа. З аднаго боку зручна было хадзіць штодня на працу — блізка. Зь іншага боку, яго занадта часта турбавала начальства. Бывала, нехта, каму трэба ісьці ў начны нарад, нап'ецца ці ў загул пойдзе. Што ж рабіць — клічуць Шарова, які ня п'Е і ў загулы ня ходзіць. Спачатку прасілі схадзіць у нарад далікатна, а пасьля, як гэта звычайна здараецца, селі на шыю.
Раз позна увечары, калі бацькі ужо клаліся спаць, у дзьверы пазванілі. Тата адразу здагадаўся, што зноў трэба некага падмяняць. Незадаволена прабурчэў і хацеў адчыніць, але тут маці кажа:
— Пачакай, я сама адчыню.
Сапраўды, на парозе стаялі бацькавы калегі з вайсковай часткі.
— Добры вечар, нам бы Канстанціна, каб у нарад схадзіў…
— Як?! — маці зрабіла зьдзіўлены твар. — Хіба ён ня ў частцы? Мне ён сказаў, што сёньня ў нарад пайшоў.
З тых часоў начальства больш не турбавала тату без патрэба, але сталі пагаворваць, што ў Шарова каханка завялася.
|