|
Пару гадоў таму вярталася я з Варшавы на цягніку. Са мной у купэ ехала забаўная і вясёлая бабця пані Ірэна, якая вырашыла вандраваць да Менску ня ў польскім, а ў беларускім вагоне, бо гэтак на 20 даляраў таньней.
Пані Ірэна нарадзілася на "Віленшчызьне" — на хутары, што стаў акурат на мяжы Літвы, Беларусі й Латвіі. У 1940-ым годзе гістарычныя абставіны раскідалі ейную сям'ю: пані Ірэна ў Польшчы апынулася, сястра ейная ў Беларусі… Вось цяпер яна едзе да яе на Браслаўшчыну, а заадно і пляменьнікаў пабачыць. Тыя, дарэчы, пасьля развалу "Зьвёнза Радзяньскего" апынуліся таксама ў іншай дзяржаве. Маці на Браслаўшчыне, дзеці ў Ігналіне — усяго ў трох кілямэтрах адлегласьці, але за мяжой.
Спадарожніца мая распавядала, як у 50-ыя гады трапіла ў "Зьвёнз Радзяньскі" на працу. Ім абяцалі, што праца будзе на фабрыцы, а замест таго прывезьлі некуды на лесапілку ў Сыбір, забралі дакумэнты і прымусілі працаваць з раніцы да вечара, як нявольнікаў. Калі б пані Ірэна не захварэла там на цукроўнік ды ня стала інвалідам, то не адпусьцілі б яе, пэўна, назад у Польшчу.
Але яна згадвала свой побыт у Сыбіры без шкадаваньняў і нават хвалілася тым, што добра ведае расейскую мову.
— Ензык росыйскі то бардзо пенькны ензык! Я теб'я лублу — то файне. Не хцяўам мувіць "кохам це", — згадвала пані Ірэна.
Размову нашую перарвала правадніца, якая паведаміла, што праз паўгадзіны будуць "пограничники". Дзіўна, але гэтае слова неверагодна зацікавіла пані Ірэну. Рэч у тым, што яна ня ведала, як гэтае слова перакладаецца на польскую мову. Мой адказ пра "страж гранічна" яе не задаволіў. Раней, за саветамі, "пограничники" называліся неяк іначай. І бабце закарцела гэтае пытаньне высьветліць. Рэч у тым, што апошнім разам яна ехала празь беларуска-расейскую мяжу яшчэ за саветамі. Да сястры яна звычайна дабіралася празь Літву, аднак гэтым разам у якасьці экспэрымэнту вырашыла ехаць празь Берасьце.
Калі ў купэ зазірнуў польскі памежнік, пані Ірэна з самым нявінным выглядам прамовіла:
— Пшэпрашам пана, як то бэндзе по-польску "по-гра-нич-ник"?
"По-гра-нич-ник" яна прамовіла на польскі манэ: з захаваньне "о" ў ненаціскным становішчы, зь цьвёрдым "ч". Ды яшчэ й камічным чынам артыкулявала кожны гук. Памежнік, што як і усе палякі не любіў іншаземцаў, пагардліва буркнуў "страж гранічна" і узяў у пані Ірэны пашпарт. Але варта яму было зазірнуць у бабчыны дакумэнты, як вочы пана марудна палезьлі на лоб.
— Пані!!! Пані ест обыватэльком польском а неве, як то бэндзе по-польску "по-гра-нич-ник"?!
Пані Ірэна толькі з загадкава-хітрым выглядам усьміхнулася.
|