 |



 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Дом, дзе я жыла пэўны час, быў музычны да ашаленьня. У суседняй кватэры за сьцяной штодня гурт “Краски” на поўную моц вые, у суседняй кватэры нада мной нейкае дзяўчо бясконца папулярныя п’ескі з рэпэртуару ДМШ на піяніна грае. Хлопцы з суседняга пад’езду, калі на двары цёпла, выносяць калёнкі, узмацняльнік і цешаць насельнікаў нашага дома “Дискотекой Аварией”, альбо “Руки вверх”. А хлопцы зь іншага суседняга пад’езда любяць сьпяваць пад гітару. І дзевак сваіх да вакальных практыкаваньняў далучаюць.
У голасе нашае дваравое ВІА бывае звычайна позна ўвечары ці ноччу, гадзіне а другой. І чым цямней на двары, тым гучней яны пяюць. Зрэшты, гэта ня сьпевы хутчэй, а рэчытатывы. Але выразныя, са шматлікімі імправізацыямі. Напрыклад, адна зь песьняў гурта ДДТ выконваецца так:
Это все… что остааааа-не-т-ся… Хо-па! После меня… Ээээто все… что возму я с собой… Йе-ей-ей…
Найболей вакалісты з нашага двара любяць рускі рок. ДДТ, “Науцілус”, “Кіно” – рэпэртуар стандартны. Ад “Что такое осень” да “Видели ночь, гуляли всю ночь до утра”.
У гэтую суботу ўвечары яны зноў завялі песьні. Прасьпявалі ўсё, што звычайна выкончаюць. І раптам чую:
Гэй, ла-ла-ла-лай, Ты не чакай – сюрпрызаў ня будзе…
Я якраз зьбіраюся кампутар вылучаць, але зьяўляецца бліскучая творчая ідэя. Стаўлю ў кампутар дыск NRM, адчыняю акно, выношу па падваконьне калёнку і ўрубаю “Тры чарапахі”.
Дваравое ВІА сьцішылася, быццам галасы ўсе разам страцілі. Толькі адзін хлопец у абурэньні выгукнуў нешта накшталт: “Эй, урод, бл… Я щас поднимусь на х…!”
Так ці іначай, але хвілінаў сорак ВІА маўчала. Зусім. Потым яны адмыслова для мяне выканалі пэсьню “Сектора газа” са словамі: “Раз подругу посадил на мотоцикл, У нее от страха прекратился цикл”, але NRM больш не сьпявалі. А я ўпэўнілася ў тым, што Воланд меў рацыю: падобнае трэба лекаваць падобным.
Хачу цяпер узброіцца Цоем, Шэўчуком ды іншымі паважанымі музыкамі. Можа й стане ціха пад маімі вокнамі…
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
У работнікаў культуры, асабліва на раёнах, праблемы зь беларускай мовай былі заўсёды. Дый ня толькі зь беларускай мовай.
Было гэта ў Гомельскай вобласьці. Інспэктарка з абласного ўпраўленьня культуры паехала па мястэчках ды вёсках правяраць, як на месцах нясуць добрае-сьветлае ў масы. Пачытала пляны мерзапрыемстваў раённых адзелаў культуры — прасьлязілася.
"Дымилась роща под горою…" — праздничное мероприятие, посвященное Дню Победы. 9 мая.
— Што гэта такое? — пытаецца.
— Як што? — перапытвае зьбянтэжаная цётачка з энскага адзела культуры. — Ёсьць нас гаёк ля горада, мы туды вэтэранаў запрашаем…
— А вы гаёк падпальваць будзеце, ці што?
— Не, мы для вэтэранаў салодкі стол накрыем, песьні ім сьпяваць будзем.
У іншым мястэчку натрапіла інспэктарка на такое: "Лэдзі Макбэт N-скага раёну". Пералякалася. Думала спачатку, мясцовая самадзейнасьць Ляскова на новы лад перайначыла ды спэктакаль ладзіць.
— Ды не, гэта ў нас конкурс прыгажосьці такі, — расьсьмяялася ў адказ іншая культурная цётачка. — Дзяўчаты па сцэне будуць у купальніках хадзіць…
— А вы ведаеце, хто такая лэдзі Макбэт Мцэнскага павету?
— Не.
— Была такая Кацярына Ізмайлава, яна сьвёкра свайго, мужа ды пляменьніка забіла.
— Што, праўда?! — у вусьціжы прашаптала культурная цётка. — А мы конкурс хацелі назваць, бо так жа ж прыгожа гучыць… А-ёй-я-ёй…
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Суседзі ў нас па гомельскай кватэры былі вясёлыя. Кабета Роза гадкоў шасьцедзесяці пяці, ейныя дачка Ларыса гадкоў сарака пяці, дзьве дачкі Ларысы (Анжэла — гадоў 25 ды Ірка, гадоў 20), муж Анжэлы, дзьве малыя дачкі Анжэлы — Караліна і Крысьціна. Усё гэтае немалое сямейства існавала ў двухпакаёвай малагабарытцы з агульнай плошчай у 40 квадратных мэтраў. Ну, можна сабе ўявіць, як існавала. А яшчэ дадаць, што ўсё гэтае сямейства (за выняткам малых, канечне ж) захаплялася гарэлачкай-бражачкай. Потым скандаліла міжсобку, мэблю біла, "хуткую" выклікала, як некаму блага пасьля чарговага мардабою стане.
Весела жылі, адным словам.
Неяк позна ўвечары мая маці пачула, як у калідоры нехта страшна крычыць. Тэлефона ў нас тады не было, каб калі трэба міліцыю выклікаць, дзьвярное вочка яшчэ не паставілі — нядаўна перасяліліся. А крыкі страшныя: Ларыса-суседка, па голасе зразумела. "Забіваюць! Забіваюць! Рэжуць!"
Маці-нябожчыца была жанчынай адчайнай ды ўсё ж рызыкнула выйсьці з кватэры, каб хоць нечым дапамагчы. Выходзіць. І што бачыць?
П'яная Ларыса (больш нікога на пляцоўцы няма) сядзіць на падлозе пад сваёй кватэрай, учапіўшыся да ручку дзьвярэй ды працягвае крычэць на ўсю моц лёгкіх і галасавых зьвязак:
— Забіваюць! Забіваюць!!!
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Кіраўніцтва легендарнага тэлеканала ўвесь час эканоміла на блёках бесьперапыннага жыўленьня. Таму скокі напругі ў электрычнай сетцы даволі часта прымушалі спыняць працу. Часам даходзіла да таго, что кампутары ўлучаліся-вылучаліся кожныя дзьве-тры хвіліны, бо па суседзтве на будоўлі катэджа працаваў зварачны апарат.
Супрацоўнікі тэлеканала, у якіх вечна "зьляталі" незахаваныя файлы, злаваліся, але начальства лічыла, што блёкі бесьперапыннага жыўленьня гэта тое, на чым можна эканоміць. Ды эканомілі.
Неяк у нядзелю напруга зноў упала, ня тое, каб зусім, але працаваць было нельга. На этэры пяць экранаў адрубіліся, але адзін працаваў цалкам нармальна. Апэратар этэру, вартаўнік ды прыяцель вартаўнікі сядзелі ў студыі адны (выходны дзень, больш нікога няма), а тут такая справа. Што рабіць? Этэру пры такой напрузе ўсё адно няма.
— А давайте касэту паглядзім? — прапанаваў вартаўнік. — Адзін тэлевізар працуе.
— А што ў цябе ёсьць?
— Мульцікі й порна.
Вырашылі спачатку паглядзець мульцікі. Паставілі касэту і давай лавіць кайф ад дыснэеўскага анімацыйнага шэдэўра.
Праз дваццаць хвілінаў ім тэлефануе раздражнёны начальнік.
— Вы што там, панапіваліся? У вас па праграмцы перадача "Твой день", а вы што пускаеце?! "Том і Джэры".
Пераляканыя хлопцы дасталі з магнітафона касэту і толькі цяпер заўважылі, што забыліся яго адлучыць ад этэрнага пульта. Была сёмая гадзіна вечара, усе дзеці да 16-ці сядзелі ня тэлевізара. Канечне ж, ім "Том і Джэры" падабалася болей, чым "Твой день".
Добра, што даўмеліся порна ў магнітафон не запхнуць.
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Днямі чарговы разумнік пачаў скардзіцца на непрафэсіяналізм журналістаў: то тэмпэратуру, пры якой капялюшы прасаваць трэба, няправільна пазначаць, то гарады пераблытаюць. Карэктара, кажа, няма на гэтых журналюг. Ну, карэктара ці рэдактара, я, гаротная няўмека са сьціплым досьведам у журналістыцы, ня ведаю. Аднак тое, што разумнік гэты ніколі ня чуў пра сапраўдныя дэзы — гэта дакладна.
Неяк увесну 1999 году на легендарную гомельскую тэлекампанію "Нірэя" па электроннай пошце ліст прыйшоў. Звычайны такі ліст, с арфаграфічнымі памылкамі нават. Прыйшоў па рассылцы зь нейкага расейскага рэсурса. І гаворка ў лісьце ішла пра тое, што ў маскоўскіх крамах апошнім часам стала зьяўляцца вельмі падазроная чырвоная ікра. Праверылі яе адмыслоўцы і высьветлілі, што не рыб'я гэта ікра, а жабіная. Ікра кітайскай камышовай жабы, толькі смакавыя інгрыдыенты даданыя ды харчовыя фарбы
У прынцыпе, гаварылася ў нататцы, нічога страшнага ў жабінай ікры няма. Яна нават карысная на свой лад. Але ёсьць адна закавыка: у гэтай ікры эпідэміёлягі знайшлі лічынкі шыстасомы, якія выклікаюць у чалавека страшную хваробу — шыс-та-са-ма-тоз. Інкубацыйны пэрыяд — ад 2 дзён да 2 месяцаў. Сымптаматыка страшная: і тэмпэратура высокая, і млосьць, і ваніты — поўны камплект. Калі да доктара своечасова не прыбегчы — памрэ чалавек.
Спасылка ў нататцы была на газэту "Московские ведомости", якая, быццам бы, перадрукавала інфармацыю з "АиФ" ад 3.01.1999.
Мой непасрэдны начальнік сп.Несьцераў доўга круціў раздрукоўку гэтай нататкі ў руках і час ад часу кідаў цінічныя рэплікі, кшталту: "Ну і трапілі масквічы!".
(У дужках зазначу, што сп.Несьцерава у часы ягонага начальства над службай інфармацыі "Нірэі" вельмі турбавалі ляўры Яўгенія Кісялёва. Хацеў ён рабіць свае "Ітогі" — хоць у маштабах Гомеля, але ІТОГІ! Але дзе ж тут ітогаў набярэшся ў ня самам вялікім горадзе? Хіба толькі трубу якую на заводзе прарве, дык будзе падстава пааналізаваць у этэры працу камунальных службаў. Ці чарговую партыю нелегальных мігрантаў зловяць… Эх, не было ў Гомелі навінаў, не было дзе разгуляцца — каралеўства малавата! Шкада, што жабіная гэтая ікра ня ў Гомелі знайшлася — во была б сэнсацыя.)
І тут прыбягае да нашага намесьніка генэральнага дырэктара сп.Забродзкага сваячка. Прыносіць яна бляшаначку з чырвонай ікрой — усю надзьмутую. (Тэрмін спажываньня, відаць, даўно выйшаў.)Вось, кажа, паглядзіце, што на нашых рынках прадаюць. І як гэтых гандляроў прыватных дагэтуль не паразганялі.
У галаве сп.Несьцерава раптоўна збудаваўся лягічны ланцужок: падазроная ікра зьявілася ў Маскве — гомельскія чаўнакі закупаюцца ў расейскай сталіцы — набытая там ікра трапляе на гомельскі рынак. Вай! Дык гэта ж і ёсьць сэнсацыя. Шыстасаматоз у Гомелі! Хавайся ў бульбу!
Зьнялі гэтую надзьмутую бляшаначку на відэа з усіх магчымых ракурсаў. І ад'яжджалі-наяжджалі, і нават панараму зрабіць паспрабавалі: прадчуваньне сэнсацыі дадало натхненьня. Далі інфармацыю з расейскага інтэрнэт-рэсурса і ў вечаровыя навіны гэта дзела забамбілі.
Назаўтра нам абрывалі тэлефон тэлегледачы, прычым ня толькі з Гомеля. (Мы да гэтага часу не падазравалі, што наш слабенькі перадатчык дастае ажно да Жлобіна, які ад Гомеля ў сотні кілямэтраў.) Шмат хто з гледачоў спажываў набытую на рынку чырвоную ікру пару месяцаў таму, некаторыя пасьля прагляду навінаў знайшлі ў сябе яўныя сымптомы і гістэрычна патрабавалі ў мяне, каб я адказала, да якога лекара ім трэба бегчы. Я магла параіць ім хіба псыхіятра, але дыпляматычна адсылала да тэрапэўта.
Начальнік мой паціраў рукі: рэйтынг тэлеканала расьце! Цяпер насельнікі горада глядзяць навіны толькі па "Нірэі", бо дзяржаўная абласная тэлевізія пра страшную хваробу шыстасаматоз упарта маўчыць. А “Нірэя” тым часам пільна сочыць за падрабязнасьцямі расьсельдваньня, якое ўчыніла гарадзкая санэпідэмстанцыя.
Што ж сталася вынікам расьсьледваньня?
На ўсіх гомельскіх рынках і ва ўсіх гомельскіх крамах прадавалася выключна рыб’я чырвоная ікра, толькі ў некалькіх гандлёвых кропках знайшлі тавар, тэрмін спажываньня якога выйшаў.
У маскоўскіх крамах хутчэй за ўсё таксама ніякія камышовыя жабы не прабягалі. Пэўна, вытворцам чырвонай ікры канкурэнты вырашылі крыху сапсаваць дзелавы імідж. Газэты “Московские ведомости”, на якую спасылаліся невядомыя аўтары інтэрнэт-нататкі, у прыродзе не існавала, а “АиФ” 3.01.1999 не выходзіў, бо гэта быў выходны дзень. І наагул “Аргумэнты” ні пра якіх жаб ніколі не пісалі.
Нарэшце, лічынкі шыстасомы чалавеку ніякай шкоды не прыносяць. А страшнага захворваньня “шыстасаматоз” мэдычная навука ня ведае.
Карацей, Кісялёва са сп.Несьцерава не атрымалася. Але нечакана набытай славе ён усё адно радаваўся. Праз пару тыдняў ён быў гатовы зьняць сэжэт пра падазронае сьмятанкавае масла, якім украінцы гандлююць на мясцовым рынку, але начальства своечасова пагасіла полымя творчага натхненьня
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Выставачны цэнтар "Імпульс" каля Камароўкі. Выходны дзень. Публіка віруе паміж павільёнамі ў пошуках танных рэчаў — касмэтыкі, шкарпэтак, кавы, плэераў, пральнага парашка й зубной пасты, нарэшце. Апошнія прыйшла набываць і я.
Праходжу міма павільёна з таннай канечне ж жаночай бялізнай. Трое хлопцаў гадоў па дваццаць стаяць ля паліцаў, на якіх красуюцца станікі-майткі ўсіх магчымых і немагчымых колераў. Глядзяць задуменна. Нарэшце адзін з хлопцаў просіць у прадавачкі паказаць майткі-стрынгі, фасон і колер якіх можа прывесьці ў ціхі жах любую сьціплую матрону. Хлопец з выразам сьвятарна-сэксуальнага трымценьня на твары бярэ ў рукі легкадумны шматок матэрыі, расьцягвае яго ў розныя бакі, зноў глядзіць.
— Які памер патрэбны? — пытаецца прадавачка. Зараз тавар сапсуюць, ясна чытаецца ў ейных вачох. Во ідыёты, гэтыя мужыкі.
— Ну… я ня ведаю… А якія ёсьць?
— Ёсьць эска, эмка, элька, ікс-элька, — прамаўляе кабета незразумелую мужчынскаму вуху замову. — Эска — маленькі, эмка — сярэдні, элька — вялікі…
— Яна ў мяне маленькая, — кажа хлопец зь пяшчотай.
— Ды якая маленькая! — парэчыць ягоны сябра. — Яна ў тым месцы, здаецца, немаленькая…
— Нармальная, — апраўдваецца пакупнік. — Хоць я ня ведаю.
— Хіба ты яе голай ніколі ня бачыў? — пытаецца трэці.
І г.д. і г.д.
* * *
Мужчыны ўмеюць шмат чаго рабіць: паляваць на мамантаў, адкрываць Амэрыку, рабаваць банкі праз інтэрнэт. А вось набываць жаночую вопратку для сваіх жонак-каханак пераважна ня ўмеюць. Спасьціжэньне гэтага высокага мастацтва прыходзіць да іх толькі праз шмат год сумеснага суіснаваньня з жанчынай, але не да ўсіх. Адна справа здабыць перамогу ў Другой Усясьветнай вайне. Зусім іншыя справа — зарыентавацца ва ўсіх існых шкалах памераў дамскай вопраткі. Тое, што ў адной частцы сьвету азначанае лічбай 40, на колькі сотняў кілямэтраў на Ўсход будзе пазначанае лічбай 46, а на амэрыканскім кантынэнце дык нават лічбай 10. Як тут разабрацца? Ня дзіўна, што калі мужчына ўсё ж угадвае патрэбны памер і ягонай даме вопратка падыходзіць, ён адчувае сябе героем-пераможцам.
* * *
Адзін мой знаёмы, выпраўляючыся ў замежную вандроўку, заўсёды браў з сабой паперчыну з усімі меркамі сваёй жонкі. Там усё было — ад шырыні пляча да ахопу шчыкалаткі, ад вышыні грудзей да ахопу сярэдняга пальца. Але ўсё адно ён стабільна памыляўся з выбарам вопраткі. Неяк ён патраціў ледзьве ня ўсе заробленыя ў камандзіроўцы грошы на бялізну для жонкі, але дзьве траціны пакупак давялося потым раздарыць сяброўкам ды сёстрам, бо не падыходзілі. А ўсё чаму? Мужчына бачыў арыгінальны й прыгожы станік, імгненна ўяўляў яго на сваёй жанчыне і набываў, цалкам забываючыся на неабходнасьць зазірнуць у шпаргалку з памерамі. А памер быў ня той.
Бадзяемся з прыяцелем у раёне Нямігі. Горад рыхтуецца да сьвята. На кожным вуглу вісяць плякаты са шматлікімі назоўнікамі загаднага ладу перад словам Беларусь. "Красуй… квітней… сьвяткуй, Беларусь!" Савецкае хараство, рэанімаванае людзьмі быццам бы з мастацкай адукацыяй, але без усялякай фантазіі.
Ля Палацу спорту нагарадзілі нейкую гіганцкую інсталяцыю зь дзяржаўнай капустай уверсе. Стаім і глядзім на яе. На траве пад нагамі паўсюль валяюцца маленькія шматкі белай і чырвонай матэрыі — відаць, не прыбралі пасьля таго як "інсталяцыю" нагарадзілі.
— А гэта што такое? — пытаецца прыяцель, гледзячы на белыя й чырвоныя шматкі тканіны.
— Сымбаль зьнішчанай беларускай незалежнасьці, — чамусьці адказваю я і мы разам пачынаем нявесела сьмяяцца.
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Гісторыя здарылася з маім прыяцелем Сашам колькі год таму, калі ён яшчэ хадзіў у жаніхах. Мой прыяцель жыў у мікрараёне Сонечным на краю Гомеля, ягоная дзяўчына і будучая жонка — у прыватным сэктары Манастырку непадалёк ад цэнтра гораду.
Дом дзяўчыны ахоўваў невялікі рыжы сабака па мянушцы Сыгнал. Сашу ён чамусьці не асабліва шанаваў, увесь час рычэў на яго, карацей, не прызнаваў за будучага мужа дачкі гаспадароў. Неяк Саша даволі позна вяртаўся дадому, была амаль першая гадзіна ночы. Выйшаўшы на вуліцу, хлопец заўважыў, што Сыгнал бяжыць за ім. "Сыгнал, а ну дадому!" — паспрабаваў урэзоніць сабаку Саша, аднак Сыгнал ніяк не адрэагаваў.
"Нічога, выйду на тралейбусны прыпынак — адвяжацца", — падумаў хлопец. Сыгнал нібыта сапраўды адвязаўся. Саша ўскочыў у апошні тралейбус, што ішоў у бок ягонага жытла, прабіў талёнчык і толькі выпадкова заўважыў: Сыгнал сядзеў на падлозе на задняй пляцоўцы тралейбуса і нахабнымі шоўтымі вачыма глядзеў на хлопца.
Што тут будзеш рабіць? Не вяртацца ж назад! -
— Добра, хадзем са мной, — з уздыхам сказаў Саша свайму чацьвералапаму спадарожніку, — толькі ў хату я цябе не пушчу.
Дабраліся да Сонечнага. Ла пад'езду свайго дома Саша дэманстратыўна разьвітаўся з Сыгналам і зачыніў дзьверы перад самым сабачым носам. Сабакі ўсё адно сваё жытло знаходзяць, думаў ён. І Сыгнал пасядзіць-пасядзіць — ды й вернецца ў Манастырок.
Хвілінаў празь дзесяць з двара дома даляцеў да Сашавай кватэры жахлівы сабачы вой — гэта Сыгнал сыгналізаваў пра тое, як яму самотна й сумна ў пустым начным двары. Спачатку мой прыяцель вырашыў не рэагаваць: падумаеш, сабачы шантаж. Аднак хутка з вокнаў пачалі высоўвацца суседзі і крычэць гняўлівае "Прыбярыце сабаку! Спаць немагчыма!"
Саша вымушаны быў спусьціцца ў ніз. Забраць Сыгнала ў кватэру ён ня мог: там жыла котка дый для маленькай пляменьніцы прысутнасьць у хаце дваровага паўдзікага сабакі была б непажаданай. І давялося Сашу праседзець з самотнікам Сыгналам у двары на лаўцы ўсю ноч, аж покуль не пайшлі першыя тралейбусы. А шостай зранку Саша даставіў сабаку дадому. З тых часоў Сыгнал яго любіў і шанаваў.
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

 |
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
Добра быць бляндынкай — яны мяккія, пяшчотныя, сэксуальныя. Добра быць рыжай — яны спакусьлівыя, сьцярвозныя, палкія, прыкольныя. Добра быць брунэткай — яны наагул жанчыны-вамп.
А шатэнкай?
А быць шатэнкай невыгодна. Нямодна, нецікава, несэксапільна, неарыгінальна і шмат яшчэ розных іншых "не", якія і пераконваюць большасьць маіх сябровак па няшчасьці ў неабходнасьці зладзіць шэраг экспэрымэнтаў з уласнымі валасамі.
Першы экспэрымэнт быў зьдзяйсьнены ў пятнаццаць год у часе школьных вакацыяў. Цётка прэзэнтавала мне пачак хны іранскай (у той час яе чамусіць амаль не было ў крамах) — і я ператварылася ў рыжую. Зрэшты, рыжымі сталі ня толькі валасы, але й патыліца, скроні, крыху — шчокі і асабліва — рукі, бо дзіцё ня ведала, што фарбавацца трэба ў пальчатках. Аднак у любым выпадку я жудасна сабой ганарылася і хадзіла рыжай пару месяцаў, пакуль хна ня вымылася.
Пасьля экспэрымэнту з хной былі экспэрымэнты з таннымі адценевымі бальзанамі і пенкамі для валасоў, якія таксама рабілі мяне рыжай. Кожны экспэрымэнт заканчваўся сваркай з мачахай, бо бальсаны фарбавалі ня толькі мае валасы й рукі (пальчаткамі я зноў-ткі не карысталася), але й ванну.
Рыжай я прахадзіла ўсю дзясятую клясу. У адзінаццатай клясе я перайшла на трывалыя крэм-фарбы. Пачала са страшэннай фарбы "Гама", якой, здаецца, яшчэ гадкоў пяць таму карысталася большая частка жаночага насельніцтва Беларусі. Адценьне называласа махагон — нейкі цёмна-бардовы колер. Я нанесла фарбу на свае валасы (мела ў той час касу таўшчынёй у руку), вытрымала паўгадзіны, змыла. Адной тубы было мала, таму валасы пафарбаваліся толькі сьпераду. Зрэшты, каб абяззброіць майго тагачаснага сябра хапіла й гэтага.
Пасьля махагону палявыя выпрабаваньні на фрызуры былі спыненыя гады на тры. Потым зноў быў экспэрымэнт з хной (рукі і шыя гэтым разам не пафарбаваліся), аднак рабіцца рыжай мне з тых часоў ужо ня хочацца.
У няпоўныя дваццаць два гады я раптоўна ператварылася ў бляндынку. Я зьмяніла ў той час неграшовую працу на грашовую, сямейнае становішча на несямейнае, кватэру ў кепскім раёне на кватэру ў някепскім. Душа прагнула пераменаў — і я пайшла ў цырульню. Майстар зрабіла мне густое мэляваньне, і я красавалася ў такім выглядзе пару месяцаў.
Зрэшты, бляндынкай была я нядоўга: мая нямяккая й непяшчотная натура патрабавала зьмены іміджу. Я набыла адценевы бальсан "РоКолор", колер "чырвонае дрэва" и нанесла яго на густое сваё мэляваньне. Эфэкт быў неверагодны — здалёк мяне можна было прыняць за Мілу Ёвавіч зь "Пятага элемэнта". Аднак ужо праз два тыдні гэтае падабенства зьнікла — бальсан змыўся.
Яшчэ празь некаторы час набыла я бальсан адценьня "дзікі вінаград" ды нанесла яго на рэшткі мэляваньня. Таксама выглядала даволі нетыпова — сінія валасы. Колер зьнік праз два тыдні.
Зноў быў зроблены вялікі перапынак у маіх шуканьнях. Адноўленыя яны былі толькі летась, калі сяброўка пафарбавала мяне ў рыжаватае адценьне. Прахадзіла я рыжаватай тыдзень-другі — і захацела разнастайнасьці. Я ў трэці раз у жыцьці зьвярнулася да фарбаў "РоКолор" (рэдкасная мярзота) і нанесла адценьне "дзікая сьліва". Спалучэньне рыжаватага й сіняга дало… зеленаватае адценьне. Ідучы па вуліцы, я часта чула за сьпіной шэпт: "Вядзьмарка!"
Нарэшце у лістападзе мінулага году мая дасьведчаная ў пытаньнях фрызур сяброўка пафарбавала мяне ў небрутальную брунэтку. Дзякуй богу, не "РоКолором".
Застаецца хіба засвоіць ролю жанчыны-вамп. :-)
|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |

|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
May 2007 |
 | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
 |
 |
|
 |